Оценить:
 Рейтинг: 1

Парыж, Эйфелева вежа і…

Год написания книги
2023
Теги
<< 1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 >>
На страницу:
7 из 11
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля

11

Спякотны летнi дзень пацiху саступаy месца мяккаму цёпламу вечару, i лёгкi ласкавы вятрыска yжо навейваy з блiзкага возера ледзь улоyную прахалоду. Пасля душнага кабiнета Гурскаму нечакана захацелася кiнуцца, нырнуць у серабрыстую азёрную прахалоду i плыць пад вадой да стомы, плыць, на колькi хопiць дыхання.

– Эх, добра было б пакупацца, – быццам адчуyшы настрой Алеся, ажывiyся Дабрынкiн, – вадзiчка што трэба… І стому знiмае, i настрой паляпшае.

– Спярша y майстэрню, а потым вiдаць будзе, – рэзка адмовiyся Гурскi.

Пры iншых абставiнах ён першы прапанаваy бы пайсцi на возера, але цяпер нават у дробязях не хацеy пагаджацца з Дабрынкiным.

– Калi так, мой конь напагатове, – з напускной бравадай сказаy старшыня i накiраваyся y двор канторы, дзе y цяньку пад разгалiстым дубам чорнай мацiцай задзiрлiва паблiскваy новенькi «крайслер».

– Ого! – не стрымаy захаплення Гурскi. – Аказваецца, у гаспадарцы не так усё i кепска… Толькi чаму хаваеце?

– З песнi слоy не выкiнеш, – iмгненна спахмурнеy Дабрынiн. – «Крайслер» – aспадчына папярэднiка… Каб яму добра было y тых дэпутатах! Спадчыну пакiнуy, як свiнню падлажыy. Перад людзьмi сорамна… Гаспадарка на ладан дыхала, а ён толькi каб сябе паказаць… Вось i хаваю.

– Не трэба – прадайце, – з падножкi зазiраючы y салон, прапанаваy Алесь, – машына павiнна ездзiць… А y дэпутаты, наколькi мне вядома, лепшых выбiраюць.

– А Вы купiце? – узрадавана yскрыкнуy Дабрынкiн.

– Не-е, – адмахнуyся Гурскi, – у маiм выпадку машына не раскоша, а паyнапраyны сябра фiрмы, яна павiнна прыносiць грошы… Вашу прадстаyнiчай не назавеш, а трымаць дзеля выезду на рыбалку цi паляванне i сапраyды вялiкая раскоша.

– Вы не першы, хто y захапленнi ад «крайслера», а каб купiць – не. Што ж, буду чакаць i шукаць пакупнiка, – Дабрынкiн перакiнуy з рукi на руку ключы ад машыны i асцярожна, хiтра цiхiм голасам зазначыy: – Калi ехаць у аб’езд, тры кiламетры, калi пешкi нацянькi – метраy трыста…

– Наyпрост хутчэй, значыць, лепш, – iмгненна пагадзiyся Алесь.

Сказаy i здзiвiyся: яго больш не раздражнялi непрыхаваныя вясковыя хiтрыкi Дабрынкiна. Канешне, дабрынкiнскiя трыста метраy, па меншай меры, расцягнулiся на кiламетр, але Гурскi быy задаволены. Напэyна, упершыню y жыццi ён уздыхнуy на поyныя грудзi, дыхаy i не мог надыхацца чыстым вольным паветрам, набрынялым водарам лугавых траy. З лесу побач патыхала прахалодай, чаборам, хвояй, i гэты водар скалануy сэрца, жывiцай напоyнiy спусцелую душу. Алесь не стрымаyся, скiнуy абутак i няспешна басанож пасунуyся па цёплай, казытлiвай траве. Нечакана амаль з-пад самых ног выпырхнуy жаyрук, i праз iмгненне над галавой не y пару разлiлася звонкая пералiyчатая трэль. І штосьцi y душы Алеся як надламалася, здалося, што yжо некалi быy на гэткiм лузе, бегаy пад дажджом i сонцам, ляжаy у пахучай траве з заплюшчанымi вачыма, абласканы сонцам i ветрам… Калiсьцi ён быy вольны, як гэтыя жаyрукi, i шчаслiвы…

Алесь не заyважыy, як разам адступiлi праблемы. Не, яны не адступiлi, яны здалiся мiзэрнымi, амаль нiкчэмнымi y параyнаннi з пачуццём поyнай душэyнай свабоды. Нечакана ён зразумеy, што yсё перажытае – i здраднiца-жонка, i хлуслiвы брат, i нават бiзнес – былi дарогай да гэтага поля, лесу, возера… Быццам жыy не сваiм жыццём, i нудны тупы боль, што пастаянна мучыy, апекаваy душу, як каштоyны крышталёвы сасуд, раптам пякучымi мiжвольнымi слязамi радасцi вырваyся на волю. Алесь стаяy сярод поля i бязгучна плакаy. Плакаy i дзякаваy Богу, што з усiх дарог выбраy дарогу са статкам кароy. У гэтую хвiлiну ён быy гатовы расцалаваць прыцiсклiвага таyстуна Дабрынкiна толькi за тое, што старшыня пашкадаваy машыну i павёy пешкi.

Дабрынкiн не прыспешваy госця. Ён прысеy каля вялiкага валуна на yскрайку поля i моyчкi чакаy, калi капрызны багацей нацешыцца. Сонца за дзень нагрэла камень, i Дзмiтрый Дзмiтрыевiч з асалодай прытулiyся спiнай да цёплай шурпатай паверхнi.

«Не, не зразумець мне гарадскiх багацеяy, – прыплюснуyшы вейкi, думаy старшыня. – Гурскi гаворыць, а напэyна, i думае, што y дэпутатах лепшыя гаспадарнiкi… Ды там iх, лепшых гаспадарнiкаy, зусiм не павiнна быць… Лепшыя абавязаны на зямлi працаваць, народ кармiць… Зрэшты, калi ты падняy гаспадарку да такой вышынi, што зарплата y сялян вышэй сталiчнай i моладзь не бяжыць у горад за лепшай доляй, калi y аддзеле кадраy чэргi на месца даярак i механiзатараy, калi адчуваеш, што больш для людзей нiчога не зробiш, iдзi y дэпутаты, пiшы правiльныя законы. Канешне, пры yмове, што талковую змену падрыхтаваy, выхаваy i yпэyнены, што наступнiкi не кiнуцца набiваць кiшэнi свае i yсёй раднi, што не спусцяць справу y трубу. Бач, аргумент знайшоy, людзi галасуюць!.. Разумны чалавек, а не можа дапетрыць, што часцяком галасуюць ад бязвыхаднасцi, абы пазбавiцца… А потым, хто i як тыя галасы лiчыць?.. Дый сам яшчэ той гусак!.. Уварваyся y кантору, быццам канец свету yбачыy… Паперкi торкае, пагражае… Губы ад злосцi трасуцца… А цяпер во басанож кружыць па полi – i нiчога не трэба. Але хiба яму галава балiць пра надоi малака?.. Жнiво?.. Хiба думае пра афрыканскую чуму свiней, што yжо гаспадарыць y суседнiм раёне, а заyтра i мая ферма y дваццаць тысяч галоy можа згарэць сiнiм полымем? А мо думае пра кармы, сiлас на зiму для каровак?.. Бач, машыну запаскудзiлi!.. Сам вiнаваты!.. Чаго пёрся y статак?.. Стань, прапусцi… Папрывыкалi, каб усе дарогу саступалi! Пыхi да неба… Хочуць скрозь быць першымi… Я з iм, быццам з немаyляцi, цэлы дзень гушкаюся… Што, работы iншай няма?.. Але чаму гарадскiх?.. Наш мясцовы Юрка-жабнiк як дзве кроплi вады падобны да гэтага Гурскага. Гаворкi няма, толькi крык, быццам людзi паглухлi… Раней чалавека зусiм не чуваць было, а цяпер у адным канцы вёскi рэй вядзе, а y другiм – бабы вокны y хатах прачыняюць, каб паслухаць ды пасмяяцца з розных глупстваy. Гэта ж трэба дадумацца, каб запрашаць экстрасэнсаy на балота, y засуху дождж выклiкаць… Папуляцыя «французскiх» жаб зменшылася, дык пагода вiнаватая?.. Не, шаноyны, гэта зайздрасць, яна, прайдоха, запаланiла душу i гiмн пяе загане… Мне i вяскоyцам вушы прагудзеy, што нехта з хаyруснiкаy па бiзнесе дом купiy на Балi. Загарэyся, маyляy, ён не горшы, жаб пачаy выграбаць падчыстую. Але ж бяздоннай бочкi не напоyнiш… На Балi, канешне, не хапiла, а папуляцыю амаль звёy. Эколагi yмяшалiся, аштрафавалi, прымусiлi папуляцыю аднавiць, а гэта, лiчы, прагарэy бiзнес, бо не прывык у нешта укладвацца».

Дабрынкiн схамянуyся, агледзеy поле i, не yбачыyшы Гурскага, падхапiyся на ногi.

– Ну што за дзень такi? – горка прамовiy старшыня. – Чалавека вочы водзяць, а гэтага алiгарха – нячыстая… На хвiлiну прыснуy, а яго i след прастыy…

Ён подбегам вярнуyся да таго месца, дзе кружыy Алесь, спадзяваyся знайсцi Гурскага ляжачым у траве, але яго не было.

– Э-эй, Алесь Пятровiч, дзе Вы? – гукнуy Дабрынкiн, але y адказ толькi сабачы брэх з вёскi.

Алесь даволi хутка ачуняy ад нечакана нахлынуyшага цi то раскаяння, цi то шкадобы да сябе. Будзiць разамлелага на сонцы Дабрынкiна не стаy, прайшоy мiма валуна, па ледзь прыкметнай сцежцы yскараскаyся на вялiкi пагорак i адразу yбачыy майстэрнi. Тры вялiкiя незавершаныя пабудовы без дзвярэй i акон, абнесеныя драцяным iржавым плотам, месцiлiся, i сапраyды, далекавата ад вёскi i блiзка да лесу. Каля iх гарбацiлiся кучы пяску i рознага будаyнiчага друзу. Праз некалькi мiнут Гурскi падышоy да варот, скiнутых з завесаy, i раптам з перакошанай, наспех збiтай драyлянай будкi, махаючы рукамi, выбег чарнявы невысокi чалавек у стракатай квяцiстай цюбецейцы на галаве.

– Таварыш, сюдой не хады, дырка в забор хады, – з азiяцкiм акцэнтам выпалiy чарнявы i, раскiнуyшы рукi yшыркi, амаль закрычаy: – Сюда апасна… – ён ускiнуy рукi yгору i паказаy на высачэзны шлагбаум. – Ветер дует – палка падает… Ой, савсем плохо будзет голова… Дырка в забор не апасна… Туда хады…

Алесь, з асцярогай пазiраючы больш на азiята, чым на шлагбаум, прайшоy на мехдвор праз «дырка», на якую паказваy вартаyнiк.

Пустыя пабудовы, гэткi ж пусты панадворак, толькi тры старыя камбайны сiратлiва тулiлiся каля аднаго з ангараy. Каля тэхнiкi некалькi чалавек у зашмальцаваных камбiнезонах i адзiн у белай караткаватай тэнiсцы, якая не магла схаваць вялiкага жывата, аб нечым спрачалiся. Чалавек у тэнiсцы нешта даказваy, махаy рукамi, торкаy пальцам угору, маyляy, пагода вiнаватая цi начальству лепш вiдаць, але, убачыyшы незнаёмца, усе сцiхлi.

За спiнай пачулiся крокi, Алесь азiрнуyся.

– Інжынер ваюе, – шырокай шчаслiвай усмешкай расплыyся Дабрынкiн i, трошкi аддыхаyшыся, дадаy: – Алесь Пятровiч, вырашылi без мяне майстэрню наведаць?

– Вы гэтак салодка спалi… Напэyна, i сапраyды прымацкае жыццё не мёд… – не вытрымаy, падкузьмiy старшыню Гурскi.

– Салодкага, канешне, мала, але ж i y прымакi не кожнага прымаюць, – з хiтрынкай у вачах парыраваy насмешку Дабрынкiн.

– Тры камбайны?.. І гэта yсё, што мае гаспадарка? – паспешлiва змянiy тэму гаворкi Гурскi i iмгненна пашкадаваy: шматслоyны Дабрынкiн быццам чакаy гэтага пытання.

– Што-нiшто з тэхнiкi y старой майстэрнi… Сюды ж пераганяем толькi новае цi адрамантаванае, – цяжка yздыхнуy старшыня i заклапочана дадаy: – Камбайны падрыхтавалi, а да канца жнiва хоць бы адзiн дацягнуy. Ураджай плануем сабраць неблагi, канешне, калi пагода не падпаскудзiць… Толькi наш канёк – малако, мяса i…

– Дзiм Дзiмыч!

Надрыyна гукнуy iнжынер, i дабрынкiскае «i» быццам завiсла y паветры. Расчырванелыя трактарысты рашуча падыходзiлi да старшынi, следам сунуyся пахмурны iнжынер.

– Дзiм Дзiмыч, хоць Вы растлумачце сiтуацыю з новай тэхнiкай, – умольна крыкнуy iнжынер. – Нiчога слухаць не хочуць… Вынь да палож… Аргументаy не хапае…

– Аргументаy у яго не хапае! – незадаволена шэптам перадражнiy iнжынера Дабрынкiн. – Дэмагог! Людзi працаваць прыйшлi, а не аргументы слухаць, – ён зiрнуy на Гурскага: – Алесь Пятровiч, пару хвiлiн пачакаеце?

– Пачакаю, – згодна кiyнуy Алесь i мiжвольна зiрнуy на сонца, якое няyмольна кацiлася да гарызонту.

Старшыня заyважыy гэты нецярплiвы позiрк i yжо на хаду, думаючы пра нешта сваё, машынальна абнадзеiy:

– За машыну не хвалюйцеся: Цiхан паабяцаy – Цiхан зробiць! – Дабрынкiн зрабiy некалькi крокаy насустрач трактарыстам, рэзка крутнуyся i, спрабуючы суцешыць Гурскага, амаль па-сяброyску сказаy: – Алесь Пятровiч, наконт начлегу… Да сябе па вядомай прычыне не запрашаю, а y Лявонiхi хата каля самага возера, Вам спадабаецца… Гаспадыня пра Вас ведае i чакае.

Алесь некалькi хвiлiн вагаyся. Яму i грознага Цiхана карцела знайсцi, i гаворку Дабрынкiна з трактарыстамi паслухаць. Другое перасiлiла. Ён з нуля падымаy сваю фiрму, i адносiны з людзьмi, асаблiва падначаленымi, не заyсёды складвалiся спрыяльна. Хацелася паглядзець на Дабрынкiна y атачэннi працоyнага люду. Але больш за yсё хацелася як мага даyжэй захаваць душэyную раyнавагу, што гэтак нечакана ахiнула душу. Ён не хацеy больш перажываць анiякiх стрэсавых сiтуацый, а што наперадзе чакае менавiта чарговае yзрушэнне, нi кропелькi не сумняваyся. Таму i застаyся чакаць Дабрынкiна.

Цяпер Дабрынкiн не выглядаy гэткiм прастачком, здавалася, нават ростам пабольшаy, гаварыy гучна, упэyнена:

– На апошнiм агульным сходзе мы, а дакладней вы, прагаласавалi за тое, каб выцiснуць з тэхнiкi yсё магчымае i не магчымае, а толькi потым, аднавiyшы пагалоyе жывёлы, дабудаваyшы фермы, майстэрнi i аграгарадок, думаць пра новыя трактары i камбайны.

– На гэтых, – адзiн з трактарыстаy махнуy рукой на старыя камбайны, – i на чай не заробiш… Як сям’ю кармiць?..

– Мы газеты чытаем i ведаем, што y Лацянкова з Бялынiцкага раёна механiзатары атрымоyваюць мiнiстэрскую зарплату, – няyпэyнена пераступiyшы з нагi на нагу, выпалiy трактарыст з чырвоным тварам i чорнымi акулярамi на носе.

– А яшчэ y iх масла хлебам мажуць! – ва yнiсон пачутаму паблажлiва пакпiy з трактарыста старшыня i сурова дадаy: – У чужой кiшэнi лёгка грошыкi лiчыць, ад зайздрасцi багатым не станеш… А калi хочаш мiнiстэрскi заробак, iдзi y мiнiстры…

– Ха-ха-ха, – дружна зарагаталi трактарысты, – наш Федзька y мiнiстэрскiм крэсле…

Перасiльваючы смех, хтосьцi перадражнiy дыктара радыё:

– Увага, увага, гаворыць беларускае радыё, перадаём апошнiя звесткi з палёy… Сягоння Фёдар Дустаy паддаy, падсыпаy дусту Дабрынкiну, старшынi сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новы шлях»…

– Ха-ха-ха…

З высокiх бяроз, што раслi непадалёк, узнялася чарада перапужаных крыклiвых варон. Гэта зрабiла гаворку зусiм жартаyлiвай.

– А вось i электарат новаспечанага мiнiстра, – прабасiy трактарыст, якi гаварыy пра сям’ю.
<< 1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 >>
На страницу:
7 из 11

Другие электронные книги автора Виктор Правдин